Зіхатлівыя сняжынкі
Па зямельцы Дзед Мароз
Поўны мех сняжынак нёс.
Рассяваў іх па палях,
Па лясах і па лугах,
Рассяваў па ўсіх сцяжынках
Зіхатлівыя сняжынкі,
Каб святлей было на свеце,
Каб гулялі з імі дзеці.
Елка
Елка ў ельніку жыла,
Елка ў ельніку расла.
Елку везлі нам на свята
Белы зайка і жаўна.
Як прывезлі елку ў хату —
Стала елачкай яна.
***
Апошні раз заломіць рукі
Маланка ў хмарнай вышыні.
Расой асыпаліся гукі
Безжаўруковай цішыні.
I да сяла сцяжынкай шэрай
Падыдзе досвіткам зіма.
Усім, чым лета адшумела,
Мае распіша вокны шэрань
Загадкай белага пісьма.
Белыя сыплюцца долу крышталiкi...
Белыя сыплюцца долу крышталiкi,
Белыя крышацца хмаркi ўгары.
Сосны захутаны ў белыя шалiкi.
Белая мiтусь у белым бары.
Белая, мяккая цiша няхрусткая,
Белай дрымотай спавiты кусты.
Белая казка... Зiма беларуская...
Што ж мне не дорыш снягурачку ты?..
ЗІМА
Халодна. Мокры снег
іржавых дахаў пакрывае плёсы;
зацягнутыя шэрасцю нябёсы
здубела замарудзілі свой бег.
Святло вакол ліхтарнага слупа
мярцвяцкім вокам мільгаціць у сцюжы,
і толькі нехта, мабыць, вельмі дужы,
таропка кроплі змахвае з ілба.
Дол хутка дзервянее пад ільдом –
і вось ужо навокал анікога.
Зімы чарговай вые перамога,
працягла грукаціць у кожны дом.
Зімовая замалёўка
Зноў мароз за акном чаруе:
Бы каралы кусты і дрэвы.
Ледзь прыкметныя цені… Пануе
У гэтай казцы зіма-каралева.
Промні сонца паміж галінак
Залацяць небасхіл нясмела,
і пунсовыя гронкі рабіны
Дагараюць на покрыве белым…
Зіма
Ваяўніца-зіма заіскрылася,
Заіскрылася, закруцілася.
Перайшла па палях пераходамі,
Пераходамі, ды з прыгодамі.
Завярнула бярозку, заснежыла,
Свой народ завірухай пацешыла.
Абвясціла знямелую вуліцу,
Што ўжо час ўсім у хаце прытуліцца.
Завіруха
Звонка свішча,
Вые глуха
Цёмнай ноччу
Завіруха.
Анідзе
Няма ёй месца.
То галосіць,
То смяецца.
А як стоміцца,
Прысядзе
Снежнай гурбаю
У садзе.
***
Люты холад.
Сцюжа кружыць.
Лёд скаваў
Раку і лужы.
Першай шэранню
Сняжынкі
Беляць
Хаты і сцяжынкі.
Трубіць вецер
Над зямлёю:
З надыходзячай Зімою!
Мяцеліца
Вецер стыне ў голасе звонкім,
Свету белага не відно –
Ткуць мяцеліцы прадзівам тонкім
Белым-белае палатно.
То пяюць, то закружаць хвацка
Думкі даўнія вечароў.
А затым уцякуць знянацку
І да новых заснуць вятроў.
Надыход зімы
Мяккі снег лятае пухам,
І канца яму няма,
І нясе сярдзітым духам,
Дзікім сіверам зіма.
Зачыняйце шчыльна хату,
Каб не дзьмулі халады,
На акно кладзіце мату,
Каб не клаў мароз сляды.
Даставайце з вышак сані,
Гайда сцежкі праціраць
І па белым акіяне
Ўдоўж і ўпоперак гуляць!
Пад раніцу — такі мароз...
Пад раніцу — такі мароз,
Аж перазвоньваюцца грушы
Пра нечы век, пра нечы лёс,
Пра насцярожаныя душы.
I гэткі ўстойлівы, як свет,
Марозны звон праз час сцюдзёны
Ляціць удаль, ляціць услед —
I адлятаюць прэч вароны
Ад пабялелага каня,
Ад неўмарозлівага часу...
I ўсё нязначнае да дня
Знаходзіць вечную акрасу.
Першы снег
А першы снег, як першае каханне,
Раптоўна ляжа ранкам на зямлю.
І вось яно, бялюткае спатканне,
Ад шчасця кружыць зноўку галаву.
Рабіны пацалунак пераспелы
Абпаліць, быццам бы агнём,
І першы снег, такі яшчэ нясмелы,
Заплача к поўдню першаю слязой.
Пра снег
Ён чысты…з шэрасцю бялізны…
Зваліўся, без моцы ўзляцець…
Пад дзень яго ўжо промні грызлі,
Дапамаглі хутчэй згарэць…
Ачысціў шэрае паветра,
Дыхання свежасці прынёс.
Без шуму, грукату і ветру
З вялізнай чысціні нябёс.
Так кожны год…
Бывае першы, чысты…і сляпы…
Ляціць, не ведаючы смерці…
Ляціць…ды толькі вось куды?
Снега языкі...
Снега языкі… як хвалі, хвалі, хвалі…
Грызлі яны мяне і душу маю рвалі…
Яны з маёй душы любоў укралі,
І снег цяпер не тае нават у маі…
Студзень
А лес стаіць, маўклівы ціха,
Не зварухне свайго галля...
Зіма, зіма... Бы ў цвеце ліпа,
У белым снезе ўся зямля.
Сьнежань
Прачнуўся сьнежань, сьнег і не спазніўся
Мяне віхор халодны падхапіў,
Душа ўздымаецца без успамінаў,
Я вольная - гасанна на зямлі!
Сьнег падхапіў і грэх мой першародны,
Дзіўлюся ў захапленьні, як дзіця,
Я чыстая - гасанна на вышынях!
Бо сьнег жыве, а ты - ужо вада.
Сьнежань. Сьнежна... Сьнегіры...
Сьнежань. Сьнежна... Сьнегіры...
Сані шпарка ймчацца.
Па узгорках ўздоўж ракі
Завіруха скача.
Зачаруе, замяце
Ў лясох, лугавінах,
Крупой сьнежнай сыпе ў твар,
Бачны шлях адзіны...
Сьнежны зоркапад
За вакном сягоньня
Зноўку сьнегапад.
Сыпе, сыпе зь неба
Сьнежны зоркапад.
Кожная сьняжынка,
Бы метэарыт,
Падае да долу,
Толькі не гарыць.
Любая, каханая,
Паглядзі ў вакно,
Ўся зямля накрытая
Белым палатном.
Сьняжынкі-парашуты
Сьняжынкі-парашуты
Кружляюць за вакном,
Спаміж самотных дрэваў
Шукаючы спакой.
Паверце, шлях няпросты
Зь нябёсаў на зямлю -
Стамлёны пух бялёсы
Кладзецца на ральлю.
І стала белым поле,
І лес па-над ракой -
Сувой зімовы, сьнежны
Снуецца над зямлёй.
Яшчэ прыцемак сьвітальны...
Яшчэ прыцемак сьвітальны
Ахутвае зямлю,
Шэра-блакітны колер
Мае сьнежны покрыў.
Сухі быльнёг
Матляе ветрык зімны,
А той смуткуе
Пра пару юнацтва -
Пра лета й навальнічныя дажджы...
Быў час -
Усё цьвіло і красавала,
І сокам наліваліся сьцябліны...
Усё прайшло: і што табе засталася? -
Сухі быльнёг
Матляе ветрык зімны...
Ліс
Пунсовы ветразь плыў па лесе…
Нібыта свечка па сутонні.
Пунсовы ветразь – ліс на снезе,
агонь блукання на прыволлі.
Плыві, прыгожы, покуль вецер
тваіх слядоў не пакідае,
і абмінуць здалей дасвецце,
дзе лёс-ганчак цябе чакае.
Краткие стихотворения для дошкольников, а также детей начальных классов школы.
Описание анатомии человека в виде маленьких стишков. Прекрасная возможность рассказать стихами детишкам о том, как устроен наш организм.
Сборник стихов про дружбу для самых маленьких. Стишки на русском языке
Комментарии (0)